Home

Advertisement

Customize

Previous 20

Dec. 12th, 2011

Уводзіны

Вітаю!

Блог abc_in_lj аўтаматычна адлюстроўвае на плятформе LiveJournal тое, што пішацца ў abc-bel.vox.com, які і ёсьць маім асноўным блогам. - Састарэлая інфармацыя. Хаця Vox шмат у чым зручнейшы за LiveJournal, беларуская супольнасьць там хутка выпарылася, а выкарыстоўваць яго толькі як proxy для постынгу ў LJ залішне арыгінальна.

Jun. 29th, 2009

У Гандурасе, здаецца, справы пайшлі да ладу

Ня кожны лукашэнка далятае да другога тэрміну... )

Jun. 26th, 2009

Дастаеўшчына

Мінулай ноччу зьвяіўся каля мяне камар, здаецца, першы ў гэтым годзе, дый тое няўдачнік. Лётаў вакол, пішчэў то ў правае, а то ў левае вуха, ды нібыта кампутарам цікавіўся болей за маю кроў - то па маніторы прабяжыцца, то на клявіятуру прысядзе, а нападаць і не спрабуе...

Я яго ўдарыў, падпільнаваў і ляснуў нейкай кардонкай, якраз, калі ён чарговы раз прыклявіятурыўся. Гэтак, узважана, каб зашыбіць, але не размазаць. Скінуў камарыны труп на стол. Вярнуўся да працы. Аднак, праз пару хвілінаў нешта засьвярбела: за што? Калі сумленна ўсе акалічнасьці гэтага здарэньня выкладаць - атрымліваецца нізавошта заваліў я хударлявага. Несправаканы напад зь летальным вынікам, кажучы мовай судовых пратаколаў. А матыў, калі разбрацца - расавая непрыязнасьць.

Аж раптам бачу: камар ножкай варушыць! Як і кожнага злодзея ў такой сытуацыі, ахапіў мяне мандраж. Чаго ўчыніць? Дабіць, каб не пакідаць сьведку дзеля гуманізму, ці штучнае дыханьне зрабіць у хабаток? Потым зразумеў, што гэта папросту яго скразьняк крыху кранаў. Уф! Няма пакутаў выбару!

Цела я спрабаваў скарміць кату, але ён такую драбязу есьці ня стаў, сказаў, каб муха была, яшчэ б падумаў, а так - сам еш гэтую хярню! Давялося закінуць у вазон з фікусам. У камарах, кажуць, азоту шмат, для расьлін гэта карысна.

Jun. 23rd, 2009

Душэўнае

Ідуць трэція суткі, як доступ да небеларускіх рэсурсаў Сеціва, мякка кажучы, ускладнёны. Такія нялішнія сэрвісы як Google то недаступныя наагул, то даступныя з хуткасьцю ўзьвядзеньня савецкіх даўгабудаў. І што вы думаеце, Белтэлекам выдаў хоць які-небудзь галімы прэс-рэліз, ну хаця б зваліў усе беды на малочны крызыс? Хаця б спрагназаваў, калі гэтая срань скончыцца? Канечне, не. У іх там цэлы аддзел public relations займаецца, але, з усяго відаць, што паняцьце public у іхным разуменьні не ўлучае грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Забаўна таксама, што супрацоўнікі БТК пры ўзьнікненьні прэтэнзіяў адразу спасылаюцца на капіталізм і законы рынку, маўляў, знайдзіце лепшага правайдэра, калі мы вам недаспадобы. Але варта толькі ўзгадаць, што на капіталістычны лад іхную кантору даўно варта пазбавіць манаполіі ды пакінуць выжываць у канкурэнтным асяродзьдзі, без гарантаваных заробкаў - адразу ўсплывае сацыялізм і неабходнасьць пракладаць драты вясковым пэнсіянэрам.

Памятаецца мне на анальнэр.бы была такая тэма, дзе якісь перац сапліва плакаў "За што вы так ня любіце Белтэлекам?" Дык, ні за што... Проста так.

Jun. 7th, 2009

Паштовы сюжэт

Мог бы атрымаць замоўны ліст, як і належыць - у рукі пад росьпіс, але ж не было мяне дома. Суседка, што якраз выходзіла са сваёй кватэры - праклятыя зьбегі праклятых абставінаў! - пацікавілася ў паштаркі, ці можа чым дапамагчы. "Дык не," - кажа паштарка - "гэта ж замоўны ліст да $recipient, у рукі трэба аддаць!" І ў гэты момант гісторыя сыйшла з рэек: вымаўляючы прозьвішча, напісанае, трэба меркаваць, нярускімі літарамі, жанчына ладна такі зьмяніла яго фанэтычнае аблічча, надаўшы яму таямнічы нямецкі смак. "Не-е, вы што! Тут такога дакладна няма!" - паведаміла ёй суседка.

Вось хтосьці заплаціў, каб пэўна ўжо, дакладна данесьлі да самага цела - і хрэн. А каб жа гэта быў звычайны ліст - дайшоў бы. Такія жарты лёсу.

Jun. 2nd, 2009

Пляцкартнае радыё

Сапраўднае пакараньне для вандроўніка, які не ўхваляе постсавецкага ФМ-фармату.

Мог бы ехаць і лепш, дык дратавала гучная панылая папса з радыёкропкі (штосьці накшталт "я умру-у-у-у, но ты всё равно-о-о будешь меня любі-і-іть"), якая да таго ж была зацыкленая. Я паўдарогі думаў: што за бараны ў суседнім аддзяленьні, гатовыя слухаць гэтую каламуць бясконца! Аж тут аказалася, што працуе радыё якраз у маім... адзінае на ўвесь вагон. Такая во хітрая акустыка ў гэтых пляцкартных каробках!

Праўда, нейкія фанаты гэтакай музыкі ў вагоне прысутнічалі і безь мяне, бо неўзабаве пасьля таго, як я выключыў, хтосьці несьцярпеў ды ў сябе завёў тую ж шарманку. Але, прынамсі, ужо ня так гучна.

Jun. 1st, 2009

Энімал плэнэт

Цікава, чаму людзі кажуць "стаміўся як сабака"? Я маю гонар быць знаёмым зь вялікім мноствам сабак, але ніводны зь іх не перапрацоўваў і не перапрацоўвае. Вось быць галодным як сабака - гэта рэч іншая, тут усё праўда.

Стаміўся я, хутчэй, як асёл. І спадзяюся, што спаць буду сёньня як кот.

May. 27th, 2009

Бераставіцкі Шура Балаганаў

Мяне ледзь на сьлязу не прабіла. Хочацца ўявіць за гэтым нейкую рамантычную гісторыю.

Высветлілася, што малады чалавек прыхапіў з сабой 22.685 даляраў, 57.429 еўра, 9.500 рублёў Цэнтрабанка РФ, 2.730 польскіх злотых і больш за 19,5 млн. беларускіх рублёў.

[link]

А колькі вам трэба для шчасьця?

May. 11th, 2009

А за морам інакш людзі гавораць...

Кожная мова - як асобны сьвет, гэта вядомая рэч. Таму, заўсёды зь інтарэсам шукаю цікавостак і асаблівасьцяў у чужых словах. Грузінская падалася вельмі незвычайным адкрыцьцём.

Звычайнае грузінскае вітаньне - გამარჯობა (гамарджёба) - літаральна азначае "перамога".

Apr. 25th, 2009

Патрэбная рэкамэндацыя/Ізноў да пытаньня нацыянальнага алькаголю

Чым можна зьдзівіць грузіна? Абавязковая дадатковая ўмова, апрача якасьці ды "нацыянальнасьці" - беларускае афармленьне этыкетак. Пакуль думаю пра якісьці з варыянтаў "Зуброўкі", у прыватнасьці пра "Крамбамбулю паляўнічую" (астатнія, якія бачыў, падпісаныя па-расейску), ці тую ж "Крамбамбулю", толькі клясычную, з прыправамі.


Праблема ў тым, што я не каштаваў ані той, ані гэтай, таму агляды і водгукі вітаюцца.

Apr. 9th, 2009

Гаўно! Гаўно!

"...Вунь на шыбе! А я ледзь ня сьцёр!" )

Зянон як Гаргона беларускіх легендаў

Культ Зянона дасягнуў праўдзіва рэлігійнай экзальтацыі. У камэнтарах да ННаўскай публікацыі:

Кот (таксама сьведка) напiсаў(ла)

Красавiк 7, 2009 у 16:42

Быў удзельнiкам амаль усiх акцый, заўсёды быў непадалёк ад Пазьняка i магу зацьвердзiць - гэты чалавек нiчога не баяўся, баялiся яго..мо нават не баялiся, а адчувалi нейкую моц, унутраную сiлу, павагу.. Дастаткова было аднаго ягонага позiрка i мiлiцыянты расступалiся ў бакi..


Я вырашыў зрабіць свой унёсак у зяноналёгію:

А ў звычайным жыцьці Зянон вымушаны носіць чорныя акуляры, каб не рассоўваць позіркам мірнае насельніцтва і не куляць выпадкова аўтамабілі!

Jan. 7th, 2009

Ці ёсьць жыцьцё за ўсходняй мяжой?

Быў у Піцеры. Во, дзе крызыс! Людзі, лічы, апошняе распрадаюць.

50% дэвальвацыі )

Jan. 6th, 2009

Добры доктар Айбаліт - пад Хамасам ён сядзіць

Навіна, па-сутнасьці, складаецца ня толькі зь вестак, але і з рэпутацыі крыніцы, зь якой яны паходзяць. Нават бегла праглядаючы паведамленьні апошніх дзён, ня мог не зьвярнуць увагу на імя Мадса Гілбэрта (Mads Gilbert), "нарвэскага лекара-дабрахвотніка, які працуе ў шпіталі Шыфа, Газа" - прыблізна так характарызуецца гэты чалавек. Колькасьць цытаваньняў ягоных эмацыйных словаў, у якіх вінаваціць Ізраіль у атаках на мірных жыхароў, проста ашаламляльная. Дзядзя трапіў ува ўсе мэйнстрымавыя мэдыі, на ўсіх мовах, якія я магу чытаць.

Прапалестынская ангажаванасьць, у прынцыпе, бачная адразу, але сьпісваеш гэта на прывязанасьць і клопат, які адказны лекар адчувае да сваіх падапечных.

Аднак, словы таварыша - зварот не выпадковы - Гілбэрта, чытаюцца неяк інакш, калі дазнаешся, што ён левы экстрэміст, сябра "Нарвэскай чырвонай партыі" (рэвалюцыянэры-мааісты), які неаднаразова публічна выказваўся наконт таго, што Хамас і аль-Кайда маюць "маральнае права" на тэракты.

Пасьля гэтага пачынаеш уважлівей перачытваць ягоныя выказваньні, і ўжо не зьдзіўляешся таму, што падлікі комі-доктара (бальшыня пацярпелых - мірныя людзі) няслаба разыходзяцца з назіраньнямі ААНаўскіх назіральнікаў (75% - камбатанты). І што нарвэскі камрад, гэтакі красамоўны ў выкрываньні ізраільскай негуманнасьці, анісловам не абмовіўся падчас сваіх шматлікіх сэансаў інтэрвію, што ў калідорах таго самаго шпіталю, дзе ён працуе, хамасаўцы практыкуюць расстрэлы.

А калі вы ўжо прачыталі пра тое, што ў целах параненых арабаў "знойдзеныя сьляды ўрану", дык я вас віншую - уран "знайшоў" ён жа, наш нястомны Айбаліт.

Dec. 11th, 2008

Правільна сказаць

Я заўзеў за МакКейна, але не магу не прызнаць, што "загарэлы хлопец" - майстар фармулёвак. Выступаючы на прэс-канфэрэнцыі Абама сказаў: "Эканоміка пагоршае, перад тым як палепшаць". Па-мойму, ідэальна. Пасьля такіх словаў, як бы там не разгортваліся падзеі, ніхто ня зможа абвінаваціць цябе, што ты кагосьці падмануў :)

Праблема ...2008-2009-2010-2011...

Новы год - ліхая дата. Канец году засыпае аскепкамі незавершаных справаў, пад нагамі трашчаць дэдлайны (хто ж іх напрызначаў? Няўжо я), а задачы наступнага году ўжо падміргваюць з 1 студзеня. Хачу круглага году - без канцоў і пачаткаў :)

Dec. 4th, 2008

Гартаючы старонкі

Yesterday (all my troubles seemed so far away):

[...] прыклад колішняй «Свабоды», якая выходзіла ўся клясычным правапісам і стала самай масавай апазыцыйнай газэтай, сьведчыць, што аргумэнты пра «народ ня пойме» надуманыя.

[...] беларусы ў масе сваёй даволі слаба валодаюць правапіснымі нормамі наркомаўкі. У нас наагул няшмат людзей, якія пісьменна (хоць бы ў межах школьнай праграмы) пішуць па-беларуску — нават сярод прафэсійных літаратараў. У гэтым сэнсе ў наркомаўкі няма ніякіх перавагаў перад тарашкевіцай

Падшыўку чытаў АндрэйЧык (там яшчэ ёсьць). Заадно рэклямую ягоны блог.


But today:

«НН» пераходзіць на яго [на наркамаўку], бо ставіць перад сабой задачу заваёвы новай аўдыторыі. Вяртанне ў кіёскі «Саюздруку» дае такі шанец. Непрызвычаеным людзям чытаць па‑беларуску класічным правапісам цяжэй, моцна цяжэй. 

Усе цытаты (с) НН

Jul. 3rd, 2008

On Vox: Сьвята напалам

Для мяне, як чалавека, які хацеў бы нацыстаў і сталіністаў бачыць толькі ў тэлескоп Hubble, не бліжэй суседняй галяктыкі, сёньняшні дзень - суцэльная камэдыя.

Сьвяткаваньне 3 ліпеня ў ролі "Дня Незалежнасьці" заслугоўвае званьня найбольшага абсурду чырвона-зялёнай ідэалёгіі, і ня толькі з улікам таго, што савецкая ўлада, якая ў гэты дзень зьмяніла нацыстаў у сталіцы нашай Бацькаўшчыны, актыўна расстрэльвала ці адпраўляла за палярнае кола тых, хто наважваўся нават абмеркаваць уголас ідэю тае самае незалежнасьці. Рэч у тым, што ў гэты дзень вэрмахт сядзеў яшчэ ў недалёкім Маладэчна. Інакш кажучы, 3 ліпеня - гэта дзень, калі гітлераўская і сталінская ўлады атрымалі прыблізна па 50% Беларусі. Чым не нагода для сьвята?

Originally posted on abc-bel.vox.com

Jun. 21st, 2008

On Vox: На Марсе можна выпіць

Чамусьці ў беларускіх мэдыях гэтага ўсё яшчэ няма, але NASA правяла брыфінг, на якім іхныя адмыслоўцы заявілі, што на Марсе, проста на паверхні знойдзены лёд. Строга кажучы, з абсалютнай пэўнасьцю гэта яшчэ не даказана, але адзначна можна сьцьвярджаць, што там ёсьць бела-бліскучае нешта, якое тае ад сонечных промняў. І гэта ня можа быць зьмерзлае CO2 (тое, што называецца "сухім лёдам") з увагі на навакольныя варункі. Гэтае адкрыцьцё лічыцца важным, бо дазваляе ізноў распачаць старыя спрэчкі на тэму "Ці ёсьць жыцьцё на Марсе?" Наяўнасьць вады, у прынцыпе, нічога не гарантуе, але яе адсутнасьць азначала б немагчымасьць існаваньня на плянэце арганічных матэрыялаў.

Фоткі можна глянуць тут: субстанцыя, якую лічаць лёдам, ляжыць у сьледзе марсахода.


Originally posted on abc-bel.vox.com

Jun. 16th, 2008

On Vox: Ліст сябру

Напісаў сп.Плашчынскаму адказ на ягоны пост, напісаны з нагоды падзеяў апошняга Сойму ПБНФ - выключэньня Алеся Міхалевіча [ пост Плашчынскага ]. Мне падалося, камэнт можа быць цікавы і іншым людзям, бо ў ім закранутыя думкі, які ў той ці іншай форме фігуруюць у мностве выказваньняў і камэнтароў, таму вырашыў яго вынесьці ў асобнае паведамленьне (зь невялікімі, касмэтычнага характару, зьменамі).

Кажучы пра гэтыя падзеі, я намагаюся адыйсьці ад ацэнак асабістага характару, і засяродзіцца на лёгіцы падзеяў, магчыма крыху халаднаватай, але ж за тое бесстароньняй. У выпадку, калі вы захочаце падыскутаваць - кіруйцеся, калі ласка, тым жа. Я думаю разважаньняў на тэму пэрсонаў (і збольшага залішне эмацыйных) за апошнія пару дзён напісана ўжо дастаткова.

Жора, я шкадую, што ты гэта напісаў. Аніяк не таму, што мне трэба бачыць цябе ў якімсьці канкрэтным лягеры - урэшце рэшт, якая розьніца, асабліва ўлічваючы, што ты ня сябра Фронту :) А таму, што ўзяўшы слана за хвост, ты безапэляцыйна сьцьвердзіў, што слон - гэта тонкая вяроўка.

Хаця эмацыйна мне, фронтаўцу і чалавеку асабіста знаёмаму з усімі "фігурантамі", надта непрыемна, што сытуацыя дайшла да такой кропкі, я хачу быць шчырым перад сабою, і, адпаведна, я не магу лічыць Алеся Міхалевіча "ахвярай". З адной вельмі простай прычыны: калі б ён набраў падчас зьезду на N-цаць галасоў болей і стаў бы старшынём, дык сутыкнуўшыся з фармальна выяўленым непадпарадкаваньнем з боку, дапусьцім, Вячоркі - вычысьціў бы яго не вагаючыся. І я гэта кажу зусім не дзеля таго, каб паказаць, што АМ "таксама дрэнны". Зусім наадварот - гэта было б правільна, гэтаксама як і тое, што цяпер робіць Баршчэўскі - правільна. Незалежна ад таго, хто зь іх табе больш даспадобы, правілы кіраваньня арганізацыяй аднолькавыя.

Бальшыня хібаў у тваіх разважаньнях вынікае з таго, што ты разглядаеш партыю як маленечкую мадэль дзяржавы. У адпаведнасьці з гэтым памылковым пастулятам, да ўнутрыарганізацыйнага жыцьця партыі мусяць прад'яўляцца тыя ж патрабаваньні, што і да сужываньня людзей унутры дзяржавы. Ты мог бы лёгка праверыць якасьць такога сьцьверджаньня праверыўшы яго на абсурднасьць: у прыватнасьці, калі твой пасыл верны, дык сацыял-дэмакратычная партыя, якая не прымае ў свае шэрагі людзей з антысацыялістычнымі перакананьнямі - парушае іхныя правы і ўвогуле паступае скрайне недэмакратычна. Чаму ж ня могуць, напрыклад, адэпты лібэртарыянства далучыцца да СД, каб разбурыць партыю знутры... вой, я хацеў сказаць, каб пакрытыкаваць кіраўніцтва ды іншым сябраў за іхны сацыялізм? Як жа права на выказваньне, унутрыпартыйная дэмакратыя і ўсе такія справы?

Вымушанае суіснаваньне ў межах дзяржавы і дабрахвотнае ўзаемадзеяньне ў межах арганізацыі адрозьніваюцца вельмі грунтоўна.

Сутнасна, партыя ствараецца для адзінага, супольнага дзеяньня. І для таго, каб яно сапраўды было такім, арганізацыя павінна практыкаваць унутраную дысцыпліну. І найпершы кансэнсус з усіх магчымых кансэнсусаў мусіць быць у тым, хто кіруе партыяй. А кіраўнік, афіцыйныя намесьнікі якога, сабатуюць ягоныя распараджэньні абавязаны альбо настаяць на сваёй волі, альбо падаць у адстаўку. І гэта не залежыць ад таго, як гучыць ягонае прозьвішча: Баршчэўскі, Вячорка ці Міхалевіч. Таксама, цалкам рацыянальным зьяўляецца патрабаваньне прытрымлівацца - прынамсі ў публічных выказваньнях - рытуальнай ветлівасьці ў дачыненьні да супартыйцаў, бо ад гэтага ўрэшце рэшт залежыць маральны клімат. Ніякай аналёгіі з "аховай годнасьці прэзыдэнта", я асабіста тут не заўважаю.

Спашлюся заадно і на прыклады: скажам брытанская Кансэрватыўная партыя выключыла Edgar-а Griffin-а, вельмі вядомага актывіста з 29-цігадовым стажам (!), за сувязі з партыяй-канкурэнтам. Годам пазьней Michael Keith Smith, лідэр адной з унутраных плыняў той жа партыі быў выключаны за зьняважлівы ў дачыненьні да дэпутатай-кансэрватараў рэклямны артыкул. Ці можна меркаваць, што палітычная сцэна найстарэйшай зь ліку жывых дэмакратыяў сьвету таксама "дэфармавалася пад уплывам дыктатуры Лукашэнкі"?

Зьвернутае да ЛБ абвінавачаньне ў тым, што ён "забыўся на варункі свайго абраньня" не адпавядае рэчаіснасьці, хаця гэта, пэўна, ужо не твая памылка, а неакуратнасьць рэпартажу, на які ты спаслаўся. Насамрэч, Баршчэўскі адкрыта заявіў, што будзе змагацца за выключэньне з партыі тых, хто ня выйдзе зь іншых палітычных утварэньняў. І зрабіў гэта, канечне ж, да галасаваньня.

Урэшце, ты маеш рацыю, калі кажаш, што сябрам партыі ня мае сэнсу забараняць сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях непалітычнага характару. Аднак, рух Мілінкевіча яўна да такіх не належыць. Гэта арганізацыя, якая ставіць перад сабой палітычныя мэты, у прыватнасьці, дасягненьне самім Мілінкевічам прэзыдэнцкае пасады. "Рухам" яна называецца, бо слова "партыя" (як і "апазыцыя") у гэтым сэзоне ня моднае.

На маю думку, Алесь сьвядома вырашыў згуляць з агнём, парушыўшы пастанову Сойму, з разьлікам на тое, што Баршчэўскі пабаіцца выключыць яго (бо Міхалевіч досыць заўважны ў мэдыях), і тым самым пазбавіцца аўтарытэту - хто будзе слухаць кіраўніка, якога можна пасьпяхова (і нават публічна) праігнараваць? Аднак, у сп.Лявона аказаліся нашмат вастрэйшыя зубы ды больш прынцыповая і ўпартая, чым меркаваў Міхалевіч, пазыцыя. І, па-мойму, гэта ня можа не выклікаць павагі.


Originally posted on abc-bel.vox.com

Previous 20

Advertisement

Customize